Skip to content Skip to sidebar Skip to footer

Студэнтка амерыканскага ўніверсітэта Алекса Круз пра спецыфіку вучобы ў ЗША, пошукі фінансавання і працы з беларускімі студэнтамі

Алекса Круз, студэнтка каледжа Ліхайскага ўніверсітэта і стажорка American Councils праводзіла для аўдыторыі Амерыканскага цэнтра некалькі вебінараў пра тое, як паступіць і дзе шукаць фінансаванне на вучобу ў ЗША. Пра студэнцтва, асаблівасці амерыканскай адукацыі, інтарэсы і прафесійныя планы мы пагаварылі з Алексам больш падрабязна.

Пра выбар універсітэта і спецыяльнасці

Я студэнтка старэйшых курсаў ва Універсітэце Ліхай, вывучаю псіхалогію і дадаткова студыйнае мастацтва. Мне вельмі цікава даведвацца, чаму людзі паводзяць сябе так, а не інакш, і разумець успрыманне іншых людзей. Я таксама вывучаю мастацтва, таму што мне падабаецца выкарыстоўваць яго як медыум для аповеду гісторый і захавання момантаў. Я вырасла ў прыгарадным горадзе Наруолк у штаце Канэктыкут, але мой універсітэт знаходзіцца ў Пенсільваніі.

Я абрала Ліхай, таму што гэты ўніверсітэт аказвае неверагодную фінансавую падтрымку студэнтам з малазабяспечаных сем’яў, а яшчэ таму, што ён знаходзіцца недалёка ад дома. Мне падабаецца вучыцца і вывучаць тое, чым я захопленая, напрыклад, крос-культурную псіхалогію, якая даследуе, як культурныя адрозненні фармуюць паводзіны чалавека на аснове выхавання.

Пра кошт вучобы ў ЗША

Выдаткі на адукацыю ва ўніверсітэтах ЗША могуць вар’іравацца ў межах ад $20 000 да $80 000 у год, гэта залежыць ад універсітэта. Але няхай гэта вас не бянтэжыць, калі універсітэт вядомы тым, што ён занадта дарагі, гэта таксама азначае, што ў яго ёсць дастаткова грошай, каб падтрымліваць годных студэнтаў праз гранты і крэдыты.

Пра пошук фінансавання на вучобу

Ліхай прапануе гранты для поўнага пакрыцця выдаткаў на навучанне студэнтам, чый сямейны даход складае менш за $75 000. На маё шчасце я ўваходжу ў гэтую катэгорыю. Гэта, вядома, вялікая дапамога, але мне ўсё роўна трэба было аплачваць жыллё і харчаванне. Каб кампенсаваць гэтыя выдаткі, я падавала заяўкі на атрыманне дадатковых стыпендый і федэральных праграм дапамогі, такіх як грант Пэла. Гэты працэс можа быць доўгім і складаным, але галоўнае – упартасць. Важна адстойваць свае інтарэсы, дакладна прадстаўляць свае патрэбы і не саромецца звяртацца па дадатковую падтрымку, калі гэта неабходна.

Як выглядае тыповы студэнцкі дзень

Я люблю свой універсітэт і люблю вучыцца. Студэнты маюць доступ да бібліятэк на тэрыторыі кампуса і гэта вельмі зручна, таму што яны служаць кропкамі прыцягнення для сумеснай вучобы і сустрэч з сябрамі. Бібліятэка Ліндермана ў Ліхай неверагодна прыгожая, яна пабудавана ў гатычным стылі, што стварае ўражанне нібыта вы знаходзіцеся ў сусвеце Гары Потэра! Расклад заняткаў у нас мяняецца ў залежнасці ад мерапрыемстваў у кампусе і сесій.

Мае дні выглядаюць па-рознаму, таму што ў кампусе заўсёды ёсць чым заняцца акрамя наведвання лекцый, ці то падзеі, якія адбываюцца на тэрыторыі кампуса, ці мерапрыемствы, якія я праводжу з сябрамі, напрыклад, мы ладзім штотыднёвыя гульнявыя вечары і паходы куды-небудзь на вячэру. Я таксама надаю шмат увагі свайму дабрабыту, таму часта хаджу ў спартзалу ці бегаю на вуліцы.

Пра асаблівасці навучання ў ЗША

Адной з галоўных асаблівасцяў навучання ва ўніверсітэтах ЗША з’яўляецца разнастайнасць студэнтаў, якія вас атачаюць. У нас вучацца студэнты з розных краін і прадстаўнікі розных культур і таму кожны семестр мы праводзім розныя фестывалі, напрыклад танцавальныя, каб адзначыць гэтую разнастайнасць традыцый і культур.

Як бы пацешна гэта ні гучала, але ва ўніверсітэтах ЗША, як вядома, пануе напружанае атмасфера і часта сустракаюцца студэнты з псіхічнымі асаблівасцямі. Вось чаму ў школах актыўна прапагандуецца дасведчанасць аб псіхічным здароўі і прадастаўляюцца бясплатныя кансультацыі.

Пра пошук працы пасля выпуску і планы на будучыню

Пошук працы пасля заканчэння каледжа патрабуе намаганняў, але любы выпускнік можа знайсці працу дзе заўгодна. Паколькі канкурэнцыя на рынку працы вельмі высокая, трэба працаваць над запаўненнем рэзюмэ на працягу ўсяго навучання ў каледжы. Такія ўніверсітэты як Ліхай маюць спецыяльныя універсітэцкія платформы, на якіх вы можаце звязацца з былымі выпускнікамі, а тыя, у сваю чаргу, могуць дапамагчы вам з працаўладкаваннем проста таму, што вы вучыліся ў адным універсітэце.

Мая жыццёвая пазіцыя заключаецца ў тым, каб жыць дзень за днём, але пры гэтым памятаць пра свае мэты і памкненні. Я спадзяюся, што калі-небудзь працягну вывучэнне псіхалогіі з упорам на крос-культурныя даследаванні, інтэграваўшы туды сваю прагу да мастацтва.

Пра стажыроўку ў EducationUSA 

Магчымасць стажыравацца ў EducationUSA у мяне з’явілася дзякуючы ўніверсітэцкім праграмам, якія дазваляюць нам падарожнічаць за мяжу і набываць новы культурны досвед. Падчас гэтай стажыроўкі я завяла шмат новых знаёмстваў, выступала з прэзентацыямі пра школьную сістэму і культуру ЗША, а таксама кансультавала студэнтаў.

Пра ўражанні ад працы з беларускай аўдыторыяй

Працуючы з беларускай моладдзю, я адчуваю гонар за гэтых студэнтаў, таму што яны поўныя рашучасці і мэтанакіраванасці стаць кімсьці ў гэтым свеце. Беларускія студэнты адрозніваюцца сваёй дысцыплінаванасцю, якую яны дэманструюць на шляху да дасягнення сваіх мэтаў. Прыемна бачыць, што нягледзячы на ​​цяжкасці і праблемы, з якімі яны сутыкаюцца, гэта не адбівае ў іх жадання працягваць рухацца наперад.

Парада тым, хто хоча паступіць ва ўніверсітэт у ЗША

Мая галоўная парада для тых, у каго ёсць амбіцыі павучыцца ў амерыканскім універсітэце – зразумець навошта гэта вам, што дасць вам гэты досвед і які ўплыў зробіць на будучыню. Кім вы хочаце стаць і як абраны ўніверсітэт дапаможа ў гэтым? Праявіце сябе і пакажыце ў заяўцы, чаму вашыя мары важныя не толькі для вас, але і для свету.

Leave a comment