Ужо паўгода Амерыканскі цэнтр праводзіць сустрэчы кніжнага клуба. Удзельнікі абмяркоўваюць не мастацкую літаратуру, але кнігі па лідэрстве, стратэгіі ды развіццю бізнесу. Натхняльнік і вядучы Business Book Club, саўладальнік e-commerce агенцтва World e-Com Ягор Расаў распавёў нам пра тое, як прыйшоў да чытання праз дыслексію, за што ён любіць амерыканскую бізнес-літаратуру, як пачаў весці кніжны клуб і даў некалькі парадаў тым, хто хоча стварыць свой.
Пра сябе, адукацыю ды працу
Мая сям’я родам з невялікага горада Багушэўск у Беларусі. У раннім узросце я выйграў стыпендыяльную праграму і пераехаў вучыцца ў Вялікабрытанію, дзе скончыў Універсітэт Лафбара па кірунку «Розніца, Маркетынг і Мэнэджмент» (адзін з лепшых універсітэтаў па версіі The Guardian) з адзнакай. Калі я вучыўся на бакалаўрыяце Лафбара, я ездзіў у ЗША па праграме акадэмічнай мабільнасці.
Я заснаваў і з’яўляюся саўладальнікам e-commerce агенцтва World e-Com, а таксама шэрагу іншых бізнесаў. Прадпрымальніцтвам, як асноўнай дзейнасцю, я займаюся з 2020 года. Да гэтага я працаваў дырэктарам па развіццю ў фінскай fashion-кампаніі, а таксама ў міжнародных кампаніях IBM і PwC. Дзякуючы магчымасцям дыстанцыйнай працы мне ўдалося пажыць у некалькіх краінах, а зараз я жыву ў Іспаніі.
Пра ЗША і працу з амерыканцамі
Апроч акадэмічнай мабільнасці падчас навучання ва ўніверсітэце, я шмат разоў бываў і нават жыў у ЗША – ездзіў з футбольнай камандай на тур па Новай Англіі, бегаў Нью-Ёрскі марафон, а яшчэ ездзіў на праграму Work and Travel USA. Кожны мой візіт у ЗША быў асаблівым.
Па працы ў мяне шмат амерыканскіх партнёраў і кліентаў, без іх мне было б складана ўявіць свой бізнэс і сваю кар’еру. Амерыканскі Цэнтр дае мне платформу для зносін з разумнымі людзьмі на цікавыя тэмы, мне вельмі сімпатычныя ўсе ўдзельнікі кніжнага клуба. Больш за тое, я бачу ў супрацоўніцтве з Амерыканскім цэнтрам магчымасць дапамагчы беларускаму кам’юніці энтузіястаў і прадпрымальнікаў, якія ўдасканальваюцца самастойна, і зрабіць унёсак у яго развіццё праз вывучэнне бізнес-літаратуры.
Пра чытанне і дыслексію
Канешне, чытаць важна. Ты пражываеш чужое жыццё, занураешся ў чужыя думкі, развіваеш у сабе абсалютна новыя кірункі мыслення. Але што да сталага чытання… Распавяду пра сябе сакрэт: я дыслексік*, таму я заўсёды ненавідзеў чытаць! Я заўсёды прымушаў сябе рабіць гэта праз сілу. Мне даводзілася чытаць адну і тую ж старонку па некалькі разоў. Потым я даведаўся пра спецыяльныя кнігі для дыслексікаў і маё жыццё змянілася да лепшага. Гэта спецыяльныя кнігі з няроўнымі літарамі і вялікім шрыфтам.
*Дыслексія – гэта асаблівасць успрымання інфармацыі, пры якой назіраецца выбарачнае парушэнне здольнасці да авалодання рознымі навыкамі (напрыклад, чытання і пісьма). Прасцей кажучы, у людзей з дыслексіяй узнікаюць цяжкасці ў «расшыфроўцы» слоў.
Пра тое, як чытаць больш
Я такі ж смяротны і разумею, што вакол шмат усяго, што адцягвае нашу ўвагу. Спраў заўсёды шмат, спакус яшчэ больш. Трэба сябе завабліваць, гэта як са спортам. У мяне на тэлефоне стаіць абмежаванне па сацыяльных сетках – 15 хвілін у дзень на ўсё пра ўсё. Яшчэ максімум 15 хвілін чытаю навіны на Bloomberg Business. А ў астатні вольны ад працы і хатніх спраў час я стараюся чытаць кнігі.
Пра стварэнне кніжнага клуба
Пасля заканчэння вучобы і падчас працы ў IBM, PwC, Mecaux і іншых фірмах я часта пазбягаў чытання, асабліва нон-фікшн літаратуры. Кніжкі для дыслексікаў цяжка знайсці, а часу ніколі няма. Але я ўсё ж вырашыў прымусіць сябе нарэшце чытаць штодзень. Каб не было магчымасці «саскочыць», я ўзяў на сябе адказнасць перад іншымі людзьмі. Так з’явілася ідэя зрабіць кніжны клуб, да сустрэч якога трэба рыхтавацца, чытаць матэрыял і аналізаваць яго. Гэта дапамагае запамінаць кнігі.
Пра кніжны клуб, прысвечаны бізнес-літаратуры
Я абраў гэтую сферу, таму што яна мне найбольш цікавая, а яшчэ таму, што яна дапамагае развівацца. Мне падаецца ўсе бізнес-кнігі можна падзяліць на дзве катэгорыі: больш практычныя і больш тэарэтычныя.
Практычныя дапамагаюць нам вучыцца на чужым досведзе, на чужых памылках, фармаваць нагляднасць неабходную ва ўсіх сферах дзейнасці. Сярод практычных хацеў бы адзначыць «Ілан Маск. Біяграфія» ад Уолтара Айзэксана і «Прадавец абутку» Філа Найта.
А тэарэтычныя фармуюць новы спосаб мыслення, новыя тэорыі, структуруюць досвед у галаве. Сярод тэарэтычных я б адзначыў «Сем навыкаў высокаэфектыўных людзей» ад Стывена Кові і «Рызыкуючы ўласнай скурай» ад Насім Талеба.
Пра практычную карысць бізнес-літаратуры
Я прачытаў шмат кніг і ўпэўнены, што яны мне вельмі дапамаглі. Як мінімум я стаў думаць шырэй, у мяне з’явіліся новыя арыенціры. Больш за тое, многія рэчы з кніг я ўжыў у сваёй кар’еры і ў бізнесе, асабліва тыя, што звязаныя з продажамі і менеджментам персаналу.
Колькі б вы ні чыталі, трэба заўсёды памятаць, што азнаямлення недастаткова, трэба прымушаць сябе прымяняць ідэі з кніг у жыцці. Гэта, зноў жа, як з заняткам спортам – за адзін падыход не схуднееш, трэба пастаянна трэніравацца. Таксама неабходна трэніраваць мышцу мозгу, менавіта праз імплементацыі ідэй з кніг.
Пра амерыканскую бізнес-літаратуру
Я заўсёды стараюся чытаць у арыгінале, калі гэта магчыма. Амерыканская бізнес-літаратура мне заўсёды падабалася больш за астатнія. Амерыка мяне ў сябе закахала тым, што ў гутарках, як і ў літаратуры пра бізнес, няма ніякай сарамлівасці, усё вельмі адкрыта. У кнігах шмат практычнага досведу, людзі з бізнесу кажуць пра свае пачуцці, трывогі, сумневы, таму пражываеш досведы бізнесмэнаў з Амерыкі паўнавартасна.
Пра Business Book Club Амерыканскага цэнтра
Водгукі ад удзельнікаў клуба мне вельмі прыемныя. Многія прыходзяць і актыўна ўдзельнічаюць кожны тыдзень, вядуць цікавыя дыскусіі і адкрываюць для мяне новыя погляды на тыя кнігі, якія я ўжо, здавалася б, абдумаў поўнасцю. Кніжкі чытаюць не ўсе, але гэта неабавязкова, бо асноўныя ідэі кнігі я расказваю ў прамежках паміж абмеркаваннямі ў breakout rooms. Таму прыходзьце нават калі не паспееце прачытаць кнігу да абмеркавання!
Вось якія кнігі мы ўжо паспелі абмеркаваць: «7 звычак высокаэфектыўных людзей» Стывена Кові, «Радыкальная шчырасць. Як кіраваць не губляючы чалавечнасці» Кіма Скота, «Ніякіх кампрамісаў. Вядзі перамовы так, нібы ад іх залежыць тваё жыццё» Крыстафера Восса і Тал Раз, «Прадавец абутку. Гісторыя кампаніі Nike, расказаная яе заснавальнікам» Найта Філа, «Не бойся дзейнічаць. Жанчына, праца і воля да лідэрства» Шэрыл Сэндберг, «Багаты тата – бедны тата» Роберта Кіёсакі і Шэран Лехтэр, «Стратэгія блакітнага акіяна» Рэнэ Маборгне і В. Чан Кіма, «Як заваёўваць сяброў і аказваць уплыў на людзей» Дэйла Карнэгі ды «Becoming. Мая гісторыя» Мішэль Абамы.
А вось якія кнігі мы будзем абмяркоўваць на наступных сустрэчах:
1. «Ніякіх правілаў. Унікальная культура Netflix» Хастынгс Рыд, Мэер Эрын;
2. «Губляючы нявіннасць: Як я пабудаваў бізнес, робячы ўсё па-свойму і атрымліваючы задавальненне ад жыцця» Рычарда Брэнсана;
3. «Чорны лебедзь» Насіма Нікаласа Талеба;
4. «Уліце ў яе сваё сэрца. Як кубак за кубкам будаваўся Starbucks» Говарда Шульца і Доры Джонс Йенг;
5. «Псіхалогія ўплыву» Роберта Чалдзіні.
Далучайцеся! Зарэгістравацца можна па спасылцы.
Парады тым, хто хоча стварыць свой кніжны клуб
1. Не варта брацца за кніжны клуб, калі вы не гатовыя чытаць процьму кніг і рабіць дэталёвыя нататкі па іх. Чытаць кароткі змест будзе недастаткова, удзельнікі вас хутка раскусяць і нічога не атрымаецца. На чытанне і нататкі сыходзіць багата часу. Трэба быць да гэтага гатовым!
2. Кніжны клуб, як і ва ўсё, у што вы ўкладаецеся, трэба любіць. Кожны раз рыхтаваць матэрыял і прэзентацыі, на гэта ідзе шмат часу. Калі гэта не любіць, то нічога не атрымаецца.
3. Апроч чытання трэба яшчэ паспяхова весці сустрэчы. Каб усё ішло добра, трэба абавязкова даваць магчымасць удзельнікам узаемадзейнічаць і абмяркоўваць ідэі з кніг.
4. Эйнштэйну прыпісваюць словы: «Калі вы нешта не можаце растлумачыць 6-гадоваму дзіцяці, вы самі гэтага не разумееце». Не ведаю, ці казаў ён гэтыя словы, але гэта праўда. Трэба вельмі дэталёва разумець ідэі кніг, каб якасна іх пераказваць простымі словамі. Каб удзельнікі сустрэчы, якія не прачыталі кнігу, маглі за кароткі час зразумець яе сутнасць і ўдзельнічаць у абмеркаванні.
5. Удзел у кніжных клубах дазваляе людзям даведвацца розныя меркаванні аб кнігах. Параўнанне урокаў з кніг з асабістым досведам у бізнесе і кар’еры гуляе важную ролю для іх. Таму вельмі важна спасылацца на свой уласны досвед у абмеркаваннях.