Skip to content Skip to sidebar Skip to footer

Як з’явілася вядомая мадэль кед Converse Chuck Taylor All Star

24 чэрвеня 1901 нарадзіўся амерыканскі баскетбаліст Чак Тэйлар, які праславіў аднайменную мадэль кед Converse. Converse Chuck Taylor All Star стала самым папулярным і прадаваным баскетбольным абуткам у гісторыі.

Кампанію Converse заснаваў у 1908 годзе Маркус Мілс Конверс і спачатку яна вырабляла разнастайныя тавары з гумы – галёшы, боты, і нават аўтамабільныя шыны. У 1915 годзе кампанія пачала вырабляць спартовы абутак, а ў 1917 – спецыялізаваную серыю кед для баскетбалістаў – Converse All Star.

Converse не выпадкова звярнулі ўвагу на баскетбол. Вынайдзены адносна нядаўна (у 1891-м годзе) у Спрынгфілдзе, менш чым у 100 мілях ад штаб-кватэры Converse, новы від спорту хутка набыў вялікую папулярнасць на Усходнім узбярэжжы. У адрозненне ад амерыканскага футбола і бейсбола, якія патрабавалі вялікіх адкрытых гульнявых пляцовак, у баскетбол можна было гуляць у невялікай зале ці на пляцоўцы. У родным горадзе Converse было шмат навучальных устаноў і вялікая шчыльнасць насельніцтва, таму баскетбол хутка распаўсюдзіўся сярод моладзі. Чак Тэйлар быў у іх ліку.

У 1917 годзе, калі выйшлі Converse All Star, Чак Тэйлар гуляў у баскетбольнай школьнай камандзе Columbus Bull Dogs. Праз два гады, ужо будучы гульцом прафесійнага клуба Akron Firestone Non-Skids, Тэйлар выходзіў на пляцоўку выключна ў конверсах. Гэтыя кеды сталі яго любімым абуткам і ў паўсядзённым жыцці.

Мадэль All Star не была першым баскетбольным абуткам, але яна выгадна вылучалася сярод канкурэнтаў шэрагам асаблівасцяў. Парусінавы верх сумяшчаўся з гумовай падэшвай, а спецыяльная ўстаўка на пятцы, размешчаная на ўнутраным боку, прадугледжвала абарону шчыкалатак ад празмерных нагрузак і патэнцыйных пераломаў.

Тую ж ролю гуляла і знакамітая пасля нашыўка з зоркай, скураная накладка павінна была абараняць шчыкалатку, калі ногі гульца ў палёце сутыкаліся. Яшчэ адна інавацыя Converse – ромбападобны малюнак пратэктара, які не слізгаў і дазваляў спартсмену быць больш манеўраным.

У 1921 годзе Чак Тэйлар далучыўся да Converse спачатку ў якасці прадаўца, а затым і трэнера. На золку развіцця баскетбола многія брэнды стваралі свае ўласныя каманды і адпраўлялі іх у туры па краіне для папулярызацыі тавараў. Каманда Converse называлася All Stars (у гонар новай мадэлі кед) і ўзначаліў яе Чак Тэйлар.

Каманда прыязджала ў новы горад і гуляла супраць мясцовага клуба ці каледжа. Пасля гульні Тэйлар праводзіў бясплатныя майстар-класы для мясцовых баскетбалістаў і трэнераў, даваў рэкамендацыі па спартыўных тэхніках і абутку, у якім лепш гуляць. Пасля такіх майстар-класаў з кліентамі шанец на камерцыйны поспех быў значна вышэйшы. Дзякуючы ўплыву Тэйлара да 1930-х гадоў All Star насілі баскетбалісты па ўсёй Амерыцы. У 1932 году кеды перайменавалі ў Chuck Taylor All-Stars, дадаўшы імя Чака на лагатып.

Падчас Другой сусветнай вайны Чак служыў у войску ЗША, але быў на той момант ужо немалады, таму не ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Тэйлар трэніраваў баскетбольную каманду Wright Field Air-Tecs на базе ВПС ЗША, а таксама распрацоўваў праграмы фізічнай падрыхтоўкі для навабранцаў. All Star стала «афіцыйным» баскетбольным абуткам узброеных сіл ЗША, вайскоўцы трэніраваліся менавіта ў ім.

Да сярэдзіны 50-х гадоў Chuck Taylor All-Star становяцца баскетбольнымі кедамі №1 у ЗША. Чак Тэйлар, як твар брэнда, аб’ездзіў усе Злучаныя Штаты з гэтай мадэллю і набыў тытул «амбасадара баскетбола». У 1968 году Чак патрапіў у Залу баскетбольнай славы, праз год вялікі папулярызатар баскетбола пайшоў з жыцця.

Паступова Converse All-Star як спартовы абутак пачалі прайграваць канкурэнтам з больш тэхналагічнымі мадэлямі і саступаць іншым вытворцам на рынку. Хоць All Star і перасталі быць галоўным баскетбольным абуткам, мадэль «выйшла на вуліцу» і набыла вялікую папулярнасць як сімвал поп-культуры.

Leave a comment