Skip to content Skip to sidebar Skip to footer

Ментар курса Амерыканскага цэнтра Ігнат Крышчык пра (сама)адукацыю, прафесію распрацоўніка і важнасць перадачы ведаў

Нядаўна ў віртуальнай прасторы Амерыканскага цэнтра прайшоў курс для пачынаючых распрацоўніц – Mentorship program for developers. Ментарам курса выступіў Ігнат Крышчык – дасведчаны распрацоўшчык і архітэктар з амаль дзесяцігадовым стажам у галіне распрацоўкі праграмнага забеспячэння. Цяпер Ігнат працуе распрацоўшчыкам праграмнага забеспячэння ў брытанскай fintech-кампаніі «Third Financial». Мы папрасілі Ігната падзяліцца гісторыяй свайго адукацыйнага і прафесійнага шляху і расказаць пра тое, як прайшоў яго курс у Амерыканскім цэнтры.

Пра сябе, вучобу і шлях да прафесіі распрацоўшчыка

Я нарадзіўся ў Мінску, у дзявятым класе мне ў рукі патрапіў даведнік Study Abroad і я загарэўся ідэяй паступіць ва ўніверсітэт за мяжой. Так я аказаўся ў Варшаўскай эканамічнай школе (Szkola Główna Handlowa).

Што да выбару прафесіі, то шлях да яе быў у мяне нелінейным. Я рана пазнаёміўся з інтэрнэтам, але толькі з’яўленне Facebook і Vkontakte па-сапраўднаму мяне захапілі. Пасля рэгістрацыі свайго профіля ў Facebook я быў настолькі ўражаны, што адразу пачаў чытаць на форумах, дзе і як навучыцца рабіць такое. У той жа дзень я паехаў у мінскую Цэнтральную кнігарню і купіў сабе даведнік па PHP, Javascript, HTML і СSS.

Я, вядома ж, «зламаў сабе зубы» аб гэты даведнік і некалькі іншых кніг. Інтэрнет стракацеў артыкуламі пра тое, як трынаццацігадовыя геніі «ўзломваюць Пентагон» і я вызначыў семнаццацігадовага сябе «занадта старым для праграмавання». Хтосьці мне раіў вывучаць праграмаванне фундаментальна ва ўніверсітэце, хтосьці скідваў павярхоўныя тутарыялы. Мае выпакутаваныя мінімальныя поспехі здаваліся мне смешнымі, бо «Марк Цукерберг стварыў Facebook за пару тыдняў адзін». Так я вырашыў, што я не толькі занадта стары для гэтага, але і гуманітарый. І пайшоў вучыцца эканоміцы.

Калі я вучыўся ў Варшаўскай эканамічнай школе мяне так і цягнула абраць прадметы «паінфарматычней», тым больш такія-сякія навыкі яшчэ са школьнага перыяду ў мяне былі, таму я прайшоў клас па С. Але да працы распрацоўшчыкам было яшчэ далёка.

У 2011 годзе я вярнуўся ў Беларусь, гэта быў крызісны год і чуткі пра айцішнікаў, якія зарабляюць па дзве тысячы ўжо тады не давалі мне спакою і матывацыі навучыцца кодзіць у мяне станавілася ўсё больш і больш. Я ўладкаваўся ў Wargaming спачатку не на распрацоўніцкую пазіцыю і пачаў знаёміцца ​​з індустрыяй IT уласна.

Да таго моманту я ўжо прайшоў не адзін анлайн-курс і ў адной з гутарак з калегамі я пачуў аб запуску зоркамі Google адукацыйнай платформы Udacity. Там я асвоіў прыкладна палову з таго, што неабходна было для працаўладкавання. Другую палову на course.by – легендарнай супольнасці, арганізаванай двума студэнцамі БДУІР. Гэты досвед быў каштоўным не столькі ведамі, колькі супольнасцю. Мы пілі гарбату з печывам пасля заняткаў, размаўлялі і фіксавалі багі адзін аднаго. Супольнасць было сапраўды выбітнай, туды прыходзілі выдатныя амбітныя людзі, якія пазней пабудавалі не адну кампанію (Flatlogic, CreativeIt, FriendlyData). З усім гэтым шматгадовым багажом я нарэшце стаў распрацоўшчыкам.

Пра адукацыю, ментарства і важнасць таго ды іншага

Мяне заўсёды цікавіла адукацыя, таму што перадача ведаў, на мой погляд – найменш гвалтоўная форма змены свету. Я спадзяюся, што ментарства – гэта толькі мой першы крок на гэтым шляху.

Я сам вельмі часта адчуваў недахоп ментора, будзь то чалавек, які падкажа, як выправіць памылку, выдадзеную кампілятарам, ці проста ўсміхнецца, папляскае па плячы і пераканае, што я яшчэ не стары для праграмавання.

Людзі сутыкаюцца з вялікай колькасцю пытанняў на сваім кар’ерным шляху і часта на гэтыя пытанні ёсць даволі простыя адказы. І гэтыя адказы звычайна не дае ментар, а знаходзіць сам мянці. Ментарская праграма – гэта хутчэй магчымасць для мянці нарэшце знайсці час на фармуляванне сваіх праблем і паразважаць над іх рашэннямі. Мэнтар толькі фасілітуе гэтыя разважанні.

У праграмістаў ёсць метад пошуку рашэння – Rubber duck debugging (Метад качаняці). Сэнс у тым, што праграміст, каб знайсці выйсце з праблемы, падрабязна тлумачыць свой код або сутнасць праблемы ўяўнаму сябру (гумоваму качаняці) і ў выніку сам знаходзіць рашэнне. Думаю ментарства – гэта як раз пра дапамогу ў пастаноўцы пытанняў і фасілітацыю пошуку адказаў мянці. Мэнтар – гэта такое «качаня на стэроідах». І мне прыемна быць часткай гэтага працэсу. А заняўся я гэтым, бо адчуў, што ўжо маю напрацаваную базу памылак і іх рашэнняў.

Што дае ментарства мне ўласна? Яно дапамагае сістэматызаваць веды, прапампаваць уласнае лідэрства, развіць навыкі актыўнага слухання, і напрацаваць карысныя кантакты. Акрамя гэтага, часта з боку ў людзях лягчэй заўважыць патэрны паводзін, якія ім перашкаджаюць. Некаторыя мне таксама ўласцівыя.

Аб рознасці ментарства для жанчын і для мужчын

Гендэрныя асаблівасці, вядома, прысутнічаюць, але важны і культурны кантэкст. У параўнанні з беларусамі, беларускі больш адказныя, надзейныя, працавітыя. Але менш смелыя (што замінае праяўляць крэатыўнасць), баяцца выходзіць з ценю лідэрскіх роляў. З мужчынамі мне звычайна лягчэй выбудаваць гарызантальную сувязь якраз неабходную для ментарства.

Пра стэрэатып «распрацоўшчык – мужчынская прафесія»

Мы розныя, але што з гэтым рабіць, я прапаную кожнай/му вырашаць самастойна. На аснове майго асабістага досведу ў школе, вну і на працы, у мяне не склалася ўражання, што мужчыны спраўляюцца з гэтай працай лепш, чым жанчыны. Але тое, што жанчыны часцей пераходзяць з больш тэхнічных роляў у больш гуманізаваныя прафесіі, я назіраў. Мне цяжка меркаваць, што іх схіляе да гэтага і ці ёсць тут нейкая генетычная схільнасць.

Уражанні ад працы з удзельніцамі курса па распрацоўцы ў Амерыканскім цэнтры

Мне вельмі спадабалася, што даволі хутка нам атрымалася стварыць даверлівую атмасферу. Жанчыны шмат дзяліліся сваімі гісторыямі і ў цэлым было шмат узаемадапамогі.

Галоўнай складанасцю для мяне была негатыўная рэальнасць Беларусі. Для развіцця і росту патрэбен аптымізм, але калі вонкавых падстаў для яго мала, аптымізм лёгка страціць. Таму некаторых удзельніц даводзілася пераконваць, што працаваць над сабой варта і святло ў канцы іх тунэлю ёсць.

Як навучыцца распрацоўцы?

Я лічу, што «любая адукацыя – гэта самаадукацыя». У кожным канкрэтным выпадку добрай прасторай, кантэкстам для атрымання ведаў і навыкаў можа быць і універсітэт, і кнігі, і афлайн ці анлайн курсы. Для мяне асабіста, каб атрымаць hard skills, лепш за ўсё працуюць анлайн-курсы, як універсітэцкія (накшталт coursera), так і больш практычныя (на ўмоўным udemy).

Leave a comment