Доктар Эдыт Эспарза Янг мае трыццацігадовы досвед выкладання і працуе зараз каардынатарам па двухмоўным навучанні і настаўнікам англійскай (як другой) мовы ў Тэхасе. Яна працавала спецыялістам па англійскай мове ў Іспаніі, а таксама знешнім экспертам у Злучаных Штатах і па ўсім свеце. Цяпер Эдыт Эспарза Янг атрымлівае ступень магістра ў галіне кансультавання па пытаннях псіхічнага здароўя.
Родная мова Эдыт Эспарзы іспанская, але яна таксама вывучала нямецкую, французскую і рускую мовы.
Для аўдыторыі Амерыканскага цэнтра доктар Янг правяла вэбінар аб тым, якія практыкі могуць дапамагчы бацькам у выхаванні шматмоўнага дзіцяці. Прыводзім асноўныя тэзісы яе выступу.
Доктар Патрыцыя Кул (Patricia Kuhl) з Універсітэта Вашынгтона кажа, што немаўляты – гэта грамадзяне свету. Кожны раз, калі яны чуюць нейкую мову, яны фактычна «збіраюць статыстычныя дадзеныя».
⦿ Лабараторныя даследаванні, якія ўключаюць сканаванне мозгу, паказваюць, як шасцімесячныя немаўляты выкарыстоўваюць складаныя лагічныя прыёмы каб зразумець навакольных свет.
⦿ Важна памятаць, што для таго, каб суполка ці група маглі падтрымліваць і захоўваць мову жывой, на гэтай мове трэба размаўляць.
⦿ Мозг – адзіны орган, які працягвае расці пасля нашага нараджэння.
На думку лагапедаў, існуе мноства міфаў аб тым, што адбываецца, калі мы выхоўваем двухмоўных дзяцей. Вось некалькі рэчаў, пра якія трэба памятаць:
⦿ Бацькі ці выхавальнікі павінны выкарыстоўваць мову, якую яны ведаюць лепш за астатнія.
⦿ Навыкі пісьменнасці перадаюцца з адной мовы на іншую.
⦿ Дзеці не будуць збітыя з панталыку, калі ў сям’і будуць размаўляць на некалькіх мовах, і ніякіх затрымак у развіцці ў дзяцей, якія растуць у шматмоўнай сям’і, не будзе.
⦿ Калі дзеці бачаць нейкі аб’ект, яны разумеюць канцэпт гэтага аб’екта. Па меры асаваення мовы, яны прымацоўваюць да гэтага канцэпта ярлык на вызначанай мове. Напрыклад, гледзячы на дрэва, дзеці бачаць яго як канцэпт і затым «вешаюць» на яго слоўныя ярылыкі на розных мовах.
⦿ Бацькі могуць дапамагчы дзецям, літаральна выкарыстоўваючы ярылкі ў доме. Напрыклад, развешваць на розныя прадметы стыкеры рознага колеру на розных мовах. Напрыклад, зялёныя стыкеры са словамі на англійскай мове, жоўтыя – на беларускай і г.д.
⦿ Засваенне мовы адбываецца ў розных частках мозгу. Вось чаму так важна, каб дзеці гулялі, былі ўцягнутыя ў неструктураваныя гульні, якія з’яўляюцца часткай руціных дзеянняў, такіх як прыгатаванне ежы ці, напрыклад, спевы.
⦿ Даследаванні паказваюць, што засваенне мовы – гэта не проста новыя словы, не проста працэсы ў нашым мозгу, гэта значна больш. Гэта тое, як мы сябе адчуваем. Усе мы памятаем настаўнікаў, якія давалі нам адчуваць сябе выдатна, і ўсе мы памятаем настаўнікаў, якія наадварот – не давалі нам адчуваць сябе добра. Калі мы не адчуваем сябе расслаблена, працэс будзе ісці з цяжкасцю. Калі мы адчуваем стрэс, спрабуючы вывучыць нешта, інфармацыя будзе даходзіць з перашкодамі. Менавіта таму вельмі важна адчуваць камфорт, радасць і натхненне, вывучаючы новую мову, асабліва дома.
⦿ Гульні на вуліцы з’яўляюцца для дзяцей важнай часткай сацыяльных узаемадзеянняў. Калі дзеці чуюць нешта ад аднагодкаў і тых, з кім ім цікава, яны запамінаюць гэта хутчэй і лягчэй, чым, напрыклад, чуючы тое самае ад настаўніка.
⦿ У працэсе гульні можна навучыцца навыкам зносін, навыкам вядзення перамоваў і развіццю мовы.
⦿ Для стварэння гульняў мы можам выкарыстоўваць прадметы паўсядзённага ўжытку, якія адпавядаюць узросту, напрыклад, скрынкі з-пад шматкоў. Гульні – выдатны спосаб заахвоціць дзяцей вывучаць і выкарыстоўваць новую лексіку на розных мовах.
⦿ Паспрабуйце маркіраваць і, магчыма, выкарыстоўваць розныя колеры для абазначэння кожнай мовы дома. Важна, каб дзеці разумелі, што кожная мова аднолькава каштоўная, як і іншая. Таму рэкамендуецца выкарыстоўваць колеры, каб дапамагчы дзецям адрозніваць адну мову ад іншай. Прадметы хатняга ўжытку таксама можна пазначаць рознымі колерами.
⦿ Даследаванні паказваюць, што ёсць мноства сувязей паміж вывучэннем музыкі і вывучэннем мовы. Пры праслухоўванні музыкі, руху і размове задзейнічаюцца розныя ўчасткі мозгу.
⦿ Музыка можа садзейнічаць захаванню традыцый, мовы і сямейных звычаяў.
Заключэнне
У бацькоў ёсць шмат магчымасцяў для стварэння шматмоўнага асяроддзя дома. Заняткі, якія могуць спрыяць гэтаму, уключаюць у сябе праслухоўванне музыкі, паўсядзённыя актыўнасці, а таксама гульні.
Апошнія даследаванні мозгу паказалі, што немаўляты здольныя весці статыстыку гукаў, якія яны чуюць, і што развіццё гаворкі адбываецца ў розных частках мозгу. Не варта верыць міфам аб тым, што дзеці блытаюцца ці затрымліваюцца ў развіцці, вывучаючы больш за адну мову дома.