Летам 2023 года Амерыканскі цэнтр правёў серыю анлайн-сустрэч з прадстаўніцамі амерыканскай тэхіндустрыі для беларусак, занятых у IT-сферы.
Першай спікеркай была Джойс Чжан Грэй – генеральная дырэктарка і сузаснавальніца Alariss, глабальнай гандлёвай пляцоўкі, якая злучае міжнародныя высокатэхналагічныя кампаніі з вядучымі мясцовымі спецыялістамі па продажах, развіццю бізнесу і агульнаму менеджменту ў ЗША і на іншых ключавых рынках. Джойс Чжан Грэй расказала пра тое, якія выклікі стаяць перад жанчынамі ў STEM, а таксама падзялілася досведам аб практыках пераадолення гэтых выклікаў і прасоўвання жанчын па кар’ернай лесвіцы.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 50 удзельніц – прадстаўніц беларускай супольнасці Women in Tech, супрацоўніц беларускіх тэхналагічных кампаній, а таксама дзяўчат і жанчын, якія толькі збіраюцца будаваць кар’еру ў IT.
Другая лекцыя была прысвечана сувязі тэхналогій і медыка-біялагічных навук. Брыджыт Пауэрс, кіраўніца аддзела дызайну стартапа ONI, які факусуецца на медыцынскіх і фармацэўтычных мэтах, распавяла аб скрыжаванні тэхналогій і медыка-біялагічных навук, уключаючы тэндэнцыі гэтай галіны, апошнія дасягненні і праблемы для прафесіяналаў і спажыўцоў.
Трэцюю лекцыю правяла Летыцыя Гэрыёт дэ Кае, прадпрымальніца і заснавальніца Global Space Ventures, актывістка ў барацьбе за правы жанчын у STEM. Летыцыя падзялілася са слухачкамі ведамі аб перадавых тэхналогіях і іх уплыве на сферу IT, а таксама аб тым, як яны садзейнічаюць развіццю лідэрства, дэмакратыі і барацьбе з дэзінфармацыяй.