Аўтар і пастаянны вядучы кніжнага клуба Амерыканскага цэнтра Ягор Расаў вяртаецца з анонсам трэцяга сезона Business Book Club! На першай сустрэчы, якая адбудзецца ўжо 22 лістапада, будзем абмяркоўваць бэстсэлер па версіі New York Times — кнігу псіхолага і прафесара Прынстанскага ўніверсітэта Даніэля Канемана «Думай павольна… вырашай хутка».
Нашы дзеянні і ўчынкі вызначаны нашымі думкамі. Але ці заўсёды мы кантралюем нашае мысленне? Нобелеўскі лаўрэат Даніэль Канеман тлумачыць, чаму мы часам здзяйсняем нерацыянальныя ўчынкі і як мы прымаем няправільныя рашэнні.
У нас ёсць дзве сістэмы мыслення. «Павольнае» мысленне ўключаецца, калі мы вырашаем задачу або выбіраем тавар у краме. Звычайна нам здаецца, што мы ўпэўнена кантралюем гэтыя працэсы, але не будзем забываць, што за нашай свядомасцю ў фонавым рэжыме ўвесь час працуе «хуткае» мысленне — аўтаматычнае, імгненнае і неўсвядомленае…
Далучайцеся да нашага абмеркавання ў кніжным клубе 22 лістапада а 19-й гадзіне па мінскім часе.