20 чэрвеня зноў сустракаемся ў нашым Business Book Club! Гэтым разам будзем адчыняць для сябе сакрэты поспеху Netflix!
На чарговай сустрэчы кніжнага клуба Амерыканскага цэнтра з Ягорам Расавым абмяркуем кнігу «No Rules Rules: Netflix and the Culture of Reinvention» Эрын Мэер і Рыда Хастынгса.
Культура Netflix унікальная. У ёй чалавек стаіць вышэй за працэсы, а інавацыі – вышэй за эфектыўнасць. Супрацоўнікам плацяць вышэй за рынак, але могуць звольніць (са шчодрай выходнай дапамогай) за добрую працу, таму што чакаюць выбітнай. На любым узроўні патрабуюць даваць і прымаць зваротную сувязь, а ўзамен даюць поўную свабоду: не трэба ўзгадняць свой адпачынак і строга даваць справаздачу за камандзіровачныя выдаткі. Рашэнні прымаюць зыходзячы з выгоды кампаніі, а не з-за меркавання начальніка.
Як гэта працуе і як выглядае знутры, распавядаюць сузаснавальнік Netflix Рыд Хастынгс і яго суаўтар – прафесар INSEAD Эрын Мэер, якая правяла мноства інтэрв’ю з былымі і цяперашнімі супрацоўнікамі кампаніі. Кніга натхняе і дазваляе па-новаму зірнуць на мэты і сродкі сучасных арганізацый, кадравую палітыку і шматлікае іншае.