Category: Uncategorized

  • Запрашаем на другую сустрэчу з Лі А. Фэроў, прысвечаную Нацыянальным паркам ЗША

    Запрашаем на другую сустрэчу з Лі А. Фэроў, прысвечаную Нацыянальным паркам ЗША

    Працягваем наша анлайн-падарожжа па прыродных славутасцях Амерыкі і на гэты раз запрашаем вас пазнаёміцца ​​з Елаўстанам і Гранд-Каньёнам.

    На папярэдняй сустрэчы размоўнага клуба, пісьменніца і даследчыца доктар Лі А. Фэроў, пазнаёміла нас з вядомымі нацыянальнымі паркамі Каліфорніі – Ёсеміцкім, Далінай Смерці і Секвояй. Калі прапусцілі сустрэчу, запіс даступны на нашым Youtube-канале па спасылцы. А цяпер надышла чарга Елаўстоўна і Гранд-Каньёна – двух самых вядомых і ўражлівых паркаў ЗША.

    Далучайцеся да нас 21 жніўня ў 19.00 па мінскім часе, каб даведацца, чым менавіта гэтыя паркі так прывабліваюць турыстаў не толькі з Амерыкі, але і з усяго свету.

    Зарэгістравацца

  • Амерыканскі цэнтр запускае набор на пісьменніцкі анлайн-курс мемуарнага жанру і аўтафікшн

    Амерыканскі цэнтр запускае набор на пісьменніцкі анлайн-курс мемуарнага жанру і аўтафікшн

    Новы курс у Амерыканскім цэнтры ад аўтаркі National Geographic, History, and PBS Кейт Янгдал Стаус! На гэты раз прысвечаны галоўнаму літаратурнаму жанру апошніх гадоў – аўтафікшну!

    Гэта ўжо трэці курс пісьменніцы і рэжысёркі Кейт Янгдал Стаус у Амерыканскім цэнтры. Першы курс быў прысвечаны Creative Writing, найлепшыя працы студэнтаў мы сабралі ў зборнік. Другі курс быў засяроджаны на сучаснай драме – Contemporary Playwriting. Зборнік работ выпускнікоў чытайце на нашым сайце па спасылцы.

    Новы курс Кейт дазволіць вам:

    • разабрацца, чым мемуары адрозніваюцца ад аўтафікшна;
    • даследаваць спосабы апісання памяці праз сэнсарныя трыгеры;
    • выявіць для сябе лепшую форму аповеду пра свой досвед.

    А галоўнае:

    • навучыцца пісаць аўтафікшн на практыцы;
    • разабраць найлепшыя ўзоры тэкстаў у гэтым жанры;
    • стварыць уласны дакументальны тэкст, заснаваны на досведзе з жыцця;
    • атрымаць фідбэк ад выкладчыцы на свой тэкст і прааналізаваць яго ў групе.

    Гэты курс – унікальная магчымасць равзіць свае творчыя здольнасці, практыкаваць англійскую мову і даведацца больш пра сябе і сваё мінулае.

    Заняткі будуць праходзіць па чацвяргах у Zoom з 29 жніўня па 10 кастрычніка 2024 года.

    Мова курса – англійская.

    Узрост удзельнікаў – 18+

    Старт – 29 жніўня.

    Дэдлайн падачы заявак – 21 жніўня (уключна).

    Падаць заяўку

  • Яшчэ 3 курсы праграмы OPEN адкрыты для рэгістрацыі

    Яшчэ 3 курсы праграмы OPEN адкрыты для рэгістрацыі

    У праграме OPEN адкрыты яшчэ 3 анлайн-курсы англійскай мовы для самастойнага праходжання.

    English for Business and Entrepreneurship

    Пяцімодульны курс MOOC, на праходжанне кожнага з модуляў вам спатрэбіцца ад трох да пяці гадзін. Курс прызначаны для тых, хто зацікаўлены ва ўдасканаленні сваіх моўных навыкаў і ведаў у галіне бізнесу і прадпрымальніцтва. Рэгістрацыя адкрыта з 1 ліпеня па 16 верасня 2024 года.

    English for Science, Technology, Engineering and Mathematics

    Пяцімодульны курс MOOC, на кожны з модуляў вам спатрэбіцца ад трох да пяці гадзін працы. Курс прызначаны для тых, хто зацікаўлены ў вывучэнні інавацыйных напрамкаў навуковых даследаванняў. Рэгістрацыя адкрыта з 1 ліпеня па 16 верасня 2024 года.

    Creating and Implementing Online Courses

    Курс «Стварэнне і рэалізацыя анлайн-курсаў» прызначаны для абмену перадавым вопытам і інструментамі ў стварэнні і рэалізацыі анлайн-курсаў. У рамках гэтага курса ўдзельнікі будуць выкарыстоўваць мадэль ADDIE для праектавання навучальных праграм, распрацуюць схему курса і структуру гібрыднай мадэлі. Рэгістрацыя адкрыта з 8 ліпеня па 23 верасня 2024 года.

  • Business Book Club: абмяркоўваем «Influence: The Psychology of Persuasion» Роберта Чалдзіні

    Business Book Club: абмяркоўваем «Influence: The Psychology of Persuasion» Роберта Чалдзіні

    Першая жнівеньская сустрэча нашага кніжнага клуба будзе прысвечана кнізе «Influence: The Psychology of Persuasion» Роберта Чалдзіні. Запрашаем да абмеркавання!

    Чвэрць мільёна прададзеных па ўсім свеце экзэмпляраў забяспечылі «Influence: The Psychology of Persuasion» рэпутацыю самай значнай кнігі пра мастацтва пераканання. У ёй знакаміты псіхолаг Роберт Чалдзіні тлумачыць, як людзі могуць пераконваць іншых, каб дасягнуць сваіх уласных мэт, і як перамагчы людзей, што валодаюць такім дарам, у гэтай гульні.

    Вы пазнаёміцеся з шасцю асноўнымі прынцыпамі (рэцыпрокнасць, згода, сацыяльны доказ, сімпатыя, аўтарытэт і дэфіцыт), якія выкарыстоўваюць прафесіяналы пераканання, і навучыцеся абараняцца ад іх дзеянняў і ставіць гэтыя сакрэты на службу сваім інтарэсам.

    Ягор Расаў падзеліцца каштоўнымі інсайтамі і практычнымі парадамі аб тым, як эфектыўна прымяняць стратэгіі з кнігі, каб палепшыць ваша ўзаемадзеянне як у прафесійным, так і ў асабістым жыцці.

    Сустрэча пройдзе 8 жніўня ў 20.00 паводле мінскага часу.

    Рэгістрацыя

  • Адкрыта рэгістрацыя на новыя бясплатныя анлайн-курсы праграмы OPEN

    Адкрыта рэгістрацыя на новыя бясплатныя анлайн-курсы праграмы OPEN

    Курсы праграмы OPEN разлічаны на самастойнае праходжанне і доўжацца ад 5 да 12 тыдняў. Для рэгістрацыі адкрыты:

    English for Career Development

    Гэты курс прызначаны для тых, хто зацікаўлены ў развіцці навыкаў і слоўнікавага запасу, неабходных для прасоўвання па кар’ернай лесвіцы на сусветным рынку. Рэгістрацыя адкрыта з 1 ліпеня па 16 верасня 2024 года.

    English for Media Literacy as 21st Century Skill

    На гэтым курсе вы вывучыце ўзаемасувязь паміж СМІ і грамадствам, дэзінфармацыю, даведаецеся аб тэхналогіях, якія ляжаць у аснове сацыяльных сетак, і пройдзеце практычнае навучанне. Курс таксама дапаможа ўдзельнікам развіць слоўнікавы запас, граматыку і навыкі зносін на англійскай мове. Рэгістрацыя адкрыта з 1 ліпеня па 16 верасня 2024 года.

    English for Journalism

    Гэты курс прызначаны для тых, хто зацікаўлены ў развіцці навыкаў і слоўнікавага запасу, неабходных для пабудовы кар’еры ў сучаснай журналістыцы. Рэгістрацыя адкрыта з 1 ліпеня па 16 верасня 2024 года.

  • Нацыянальныя паркі Амерыкі – запрашаем на сустрэчу з пісьменніцай Лі А. Фэроў

    Нацыянальныя паркі Амерыкі – запрашаем на сустрэчу з пісьменніцай Лі А. Фэроў

    Калі людзі думаюць пра Злучаныя Штаты, яны звычайна ўяўляюць сабе такія месцы, як Галівуд і Нью-Ёрк, але ЗША багатыя і на цуды прыроды! На чарговай анлайн-сустрэчы Амерыканскага цэнтра, доктар Лі А. Фэроў пазнаёміць нас з вядомымі нацыянальнымі паркамі Каліфорніі – Yosemite, Death Valley і Sequoia.

    Доктар Лі А. Фэроў – пісьменніца, заслужаная даследчыца, а таксама загадчыца кафедры гісторыі і сусветных культур Абернскага ўніверсітэта ў Мантгомеры (Алабама).

    Дадавайце ў сустрэчу ў каляндар – 31 ліпеня ў 19.00 па Мінску – і абавязкова прыходзьце, будзе цікава і пазнавальна!

    Рэгістрацыя

  • Запрашаем на квіз «Як добра вы ведаеце медыя?»

    Запрашаем на квіз «Як добра вы ведаеце медыя?»

    Працягваем паглыбляцца ў свет медыя і вучыцца правільна з ім узаемадзейнічаць, каб дзіджытал сфера дапамагала нам у рэальным жыцці, а не захоплівала ўсю нашу ўвагу.

    Запрашаем вас на квіз, які пакажа, наколькі добра вы ведаеце і арыентуецеся ў медыя. Мы пазнаёмімся з лексікай, звязанай са СМІ, а таксама абмяркуем плюсы і мінусы розных сродкаў масавай інфармацыі.

    Весці сустрэчу будзе прафесарка з ЗША Анэлі Арана. У Анэлі 15-гадовы досвед выкладання англійскай мовы студэнтам самых розных узростаў і нацыянальнасцяў.

    Далучайцеся да нас 25 ліпеня ў 19.00 (па мінскім часе), каб павысіць сваю медыяграматнасць і ў інтэрактыўнай форме папрактыкаваць англійскую.

    Регистрация

  • Міжнародны дзень Нэльсана Мандэлы

    Міжнародны дзень Нэльсана Мандэлы

    18 ліпеня – Міжнародны дзень Нэльсана Мандэлы, які адзначаецца штогод у дзень яго нараджэння.

    Нэльсан Мандэла – выбітны чалавек, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, адзін з самых вядомых актывістаў у барацьбе за правы чалавека, за што 27 гадоў сядзеў у турме. Мандэла прысвяціў сваё жыццё справе міру і гуманізму – як абаронца правоў чалавека, як палітычны зняволены, як міратворца міжнароднага маштабу і першы прэзідэнт свабоднай Паўднёвай Афрыкі, абраны дэмакратычным шляхам.

    «Нэльсан Мандэла паказаў нам, якую незвычайную ролю можа адыграць адзін чалавек у пабудове лепшага свету <…> Мы можам зрабіць выбар на карысць ліквідацыі беднасці. Мы можам вырашыць пакончыць з няроўнасцю. Мы можам выбраць пераўтварэнне міжнароднай эканамічнай і фінансавай сістэмы ў імя справядлівасці. Мы можам выбраць барацьбу з расізмам, павагу правоў чалавека, барацьбу са змяненнем клімату і стварэнне свету, прыдатнага для ўсяго чалавецтва. Кожны з нас можа ўнесці свой уклад – з дапамогай вялікіх і малых спраў», – гаворыцца ў пасланні Генеральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша да Дня Нэльсана Мандэлы 2024 года.

    ААН заклікае кожнага з нас далучыцца да кампаніі ActNow за індывідуальныя дзеянні па змене клімату і ўстойліваму развіццю. Кожны з нас можа дапамагчы абмежаваць глабальнае пацяпленне і паклапаціцца аб нашай планеце. Змяняючы нашы звычкі і робячы выбар, які аказвае менш шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, мы можам справіцца з надзвычайнай кліматычнай сітуацыяй і пабудаваць больш устойлівы свет.

  • Ідзе набор на курс «Штучны інтэлект і медыяграматонасць»

    Ідзе набор на курс «Штучны інтэлект і медыяграматонасць»

    Штучны інтэлект паўсюдна прысутнічае ў нашым жыцці, як бы мы да гэтага не ставіліся. Мы выкарыстоўваем яго кожны дзень: калі тэлефануем у службу падтрымкі кліентаў, пішам электронны ліст, перакладаем дакументы ці нават плануем трэніроўку.

    ШІ можа дапамагчы нам пераадолець творчы крызіс, але ён таксама можа палохаць нас. Каб разабрацца ў тым, як ён уладкованы і якія ён мае магчымасці, запрашаем вас прайсці бясплатны курс аб сувязі ШІ і лічбавай граматнасці ад медыяспецыяліста Джо Хрышчэнтэ.

    Што вы вывучыце:

    ✏︎ Чат GPT, вялікія моўныя мадэлі, імгненнае відэа і аўдыё;

    ✏︎ Які змяняецца характар ​​інфармацыі і яе выкарыстанне ў адукацыі;

    ✏︎ Калі варта скептычна ставіцца да ШІ;

    ✏︎ Дыпфэйкі і патэнцыйнае злоўжыванне ШІ;

    ✏︎ Як правільна ўкараніць ШІ ў прафесійнае і/або акадэмічнае жыццё.

    Весці курс будзе дасведчаны выкладчык, пісьменнік і медыяспецыяліст Джо Хрышчэнтэ. Заняткі па 90 хвілін будуць праходзіць у Zoom па аўторках у 19.00 (па мінскім часе) з 6 жніўня па 17 верасня 2024 года.

    Чакаецца, што ўдзельнікі будуць знаёміцца ​​з матэрыяламі курса перад кожнай сустрэчай і будуць гатовыя да абмеркавання (падрыхтоўка зойме каля 1 гадзіны), мова матэрыялаў і семінара – англійская.

    Старт курса – 6 жніўня.

    Дэдлайн падачы заяўкі – 31 ліпеня (уключна).

  • Business Book Club: абмяркоўваем «The Black Swan» 

    Business Book Club: абмяркоўваем «The Black Swan» 

    Працягваюцца сустрэчы ў нашым Business Book Club, і на чарзе кніга Насіма Нікаласа Талеба «Чорны лебедзь», далучайцеся да абмеркавання 18 ліпеня ў 19.00 па менскім часе.

    У тэрміналогіі Насіма Талеба, Чорны лебедзь – гэта непрадказальная і непрагназуемая падзея, якая пераварочвае і ламае жыцці мільёнаў людзей. У сваёй унікальнай кнізе, якая звяргае асновы традыцыйнай навукі, Талеб з бляскам і гумарам паказвае, як «чарналебяжыя» падзеі рухаюць нашымі лёсамі і агулам усім сусветам, і як чалавецтва, асабліва ў асобах разнастайных «экспертаў», са злачыннай зацятасцю ігнаруе іх.

    Адразу пасля выхаду «Чорнага лебедзя» аўтар бліскуча прадэманстраваў сваю «не-тэорыю» на практыцы: на фоне фінансавага крызісу кампанія Талеба зарабіла (а не страціла!) для інвестараў паўмільярда даляраў. Але яго праца – не падручнік па эканоміцы. Гэта разважанні выдатнага чалавека аб жыцці і аб тым, як знайсці ў ім сваё месца.

    Вядучы кніжнага клуба Ягор Расаў правядзе вас праз захапляльныя канцэпцыі кнігі і падзеліцца, як мы можам прымяняць разуменне «чорных лебедзяў» у асабістым і прафесійным жыцці.

  • Як атрымаць фінансаванне на адукацыю ў ЗША? Распавядзе студэнтка Ліхайскага ўніверсітэта

    Як атрымаць фінансаванне на адукацыю ў ЗША? Распавядзе студэнтка Ліхайскага ўніверсітэта

    Хочаце паступіць у амерыканскі ўніверсітэт і плануеце шукаць стыпендыю на вучобу? Далучайцеся да анлайн-сустрэчы са студэнткай каледжа Ліхайскага універсітэта Алексай Круз, каб даведацца, дзе і як шукаць фінансаванне на адукацыю ў ЗША!

    Алекса вывучае псіхалогію і мастацтва ў каледжы, а зараз знаходзіцца ў Вільні ў якасці стажоркі American Councils. На нашай сустрэчы яна падзеліцца сваім досведам пошуку фінансавання, якое поўнасцю пакрыла яе адукацыю, а таксама працэсам падачы заяўкі на стыпендыю.

    Сустрэча пройдзе 17 ліпеня ў 17.00 па мінскім часе.

  • Як выгадаваць мультылінгва

    Як выгадаваць мультылінгва

    Чаго мы можам чакаць ад працэсу навучання, калі дзеці вывучаюць больш за адну мовы ў раннім узросце?

    Сферы выкарыстання мовы 

    Франсуа Грожан у сваёй кнізе «Двухмоўе: жыццё і рэальнасць» (Bilingual: Life & Reality) сцвярджае, што «білінгвы звычайна асвойваюць і выкарыстоўваюць мовы ў розных сферах жыцця, з рознымі людзьмі і з рознымі мэтамі. Розныя аспекты жыцця часта патрабуюць выкарыстання розных моў».

    • Дзеці будуць авалодваць мовай з пэўнымі мэтамі (напрыклад, ежа, матэматыка, гульні і бытавая жыццё).
    • Веды, якія яны набываюць, залежыць ад кантэксту навучання. Білінгвы таксама выкарыстоўваюць розныя мовы ў зносінах з пэўнымі людзьмі.
    • Моўныя навыкі, неабходныя для канкрэтнай прадметнай вобласці, могуць перадавацца як паміж мовамі, так і паміж абласцямі.
    • Што тычыцца маленькіх вучняў, то нам трэба дапамагаць ім убачыць гэтыя сувязі, каб стымуляваць перадачу навыкаў.

    Базавыя навыкі міжасобасных зносін і кагнітыўнае валоданне акадэмічнай мовай

    Даследчык Джым Камінс патлумачыў развіццё розных моўных абласцей у дзяцей, адрозніваючы два тыпы мовы.

    • Базавыя навыкі міжасобасных зносін (BICs) адносяцца да мовы паўсядзённага жыцця, і для засваення новай мовы звычайна патрабуецца каля 2 гадоў.
    • Кагнітыўны ўзровень валодання акадэмічнай мовай (CALPs) апісвае канкрэтныя навыкі, неабходныя для разумення і зносін па акадэмічных прадметах, такіх як матэматыка і гісторыя. Засваенне новай мовы можа заняць да 5 гадоў.
    • Дзецям малодшага ўзросту, якія пачынаюць вывучаць новую мову ў школе, дастаткова пачаць з базавых навыкаў (BICs), якія яны могуць перанесці са сваёй роднай мовы. Гэта адна з прычын, чаму можа падацца, што дзеці малодшага ўзросту лягчэй вывучаюць мову.
    • Родная мова з’яўляецца важнай асновай для вывучэння новай мовы, таму важна развіваць CALPs роднай мовы для перадачы гэтых навыкаў.

    Метакагнітыўныя навыкі

    Дарослыя і старэйшыя дзеці, навучаючыся, развіваюць навыкі, якіх яшчэ няма ў дзяцей малодшага ўзросту: як навучыцца вучыцца, ці як думаць аб сваім думанні. Настаўнікі і бацькі павінны дапамагаць дзецям, якія вывучаюць мову, развіваць метакагнітыўныя навыкі, такія як:

    • Выкарыстанне наяўных ведаў;
    • Планаванне падыходу да задачы;
    • Маніторынг і самакарэкцыя;
    • Разважанні над працэсам навучання.

    Запазычанне, пераключэнне кодаў і транслінгвістыка

    Шматмоўныя людзі заўсёды выкарыстоўваюць усе свае моўныя рэсурсы; яны могуць выкарыстоўваць у размове асобныя словы ці фразы з іншай мовы ці нават пераключацца на цэлыя фразы. Выбар мовы вызначаецца кантэкстам: замяняць словы і фразы мультылінгвы могуць у залежнасці ад таго, з кім яны размаўляюць, альбо проста таму, што на іншай мове гэтыя словы і фразы здаюцца ім больш дакладнымі. Дзеці, якія вывучаюць дадатковую мову, часта выкарыстоўваюць больш зручную і знаёмую мову ў якасці апоры для выказвання сваіх думак, пакуль яны яшчэ недастаткова свабодна валодаюць новай мовай, каб выказацца цалкам на ёй. Гэта не павінна быць праблемай, наадварот, мы павінны падтрымліваць іх, заахвочваючы шырэйшае выкарыстанне новай мовы і дапамагаючы ім на тым узроўні, якога яны могуць дасягнуць. Транслінгвістыка – гэта падыход да навучання ў шматмоўным кантэксце, які прапануе навучэнцам выкарыстоўваць усе свае кагнітыўныя і лінгвістычныя рэсурсы.

    Кагнітыўная нагрузка

    Кагнітыўная нагрузка – гэта разумовае намаганне, неабходнае для выканання задачы. Існуе тры тыпы кагнітыўнай нагрузкі:

    • Унутраная кагнітыўная нагрузка – гэта ўласцівая задачы складанасць. Мы можам дапамагчы дзецям, якія вывучаюць мову, з гэтай складанасцю справіцца, даючы ім візуальныя падказкі для вывучэння новай лексікі ці складаных сказаў, ці даючы дзецям аснову для пабудовы сказа, якую яны могуць выкарыстоўваць затым самастойна.
    • Герменеўтычная кагнітыўная нагрузка з’яўляецца вынікам намаганняў, неабходных для таго, каб звязаць новыя ідэі з папярэднімі ведамі і перанесці гэтую інфармацыю ў доўгатэрміновую памяць. Да гэтага варта заахвочваць, напрыклад, прапаноўваючы дзецям параўнаць слоўнікавы запас і граматычныя структуры новай мовы з ужо ім вядомай, ці прапаноўваючы ім намаляваць ці згуляць новыя словы ці фразы.
    • Знешняй кагнітыўнай нагрузкі трэба пазбягаць; яна выклікае цяжкасці ў навучанні, створаныя спосабам прадстаўлення інфармацыі ці кантэкстам навучання. Гэта можа быць вынікам незразумелага працоўнага ліста з невыразнымі інструкцыямі.
    • Вывучэнне новай мовы і выкарыстанне іншай мовы – гэта заўсёды цяжкая праца для мозгу, і чакана, што навучэнцы могуць стамляцца ад гэтых намаганняў.

    Навыкі пісьменнасці

    Мы вучымся чытаць толькі адзін раз; навыкі пісьменнасці перадаюцца паміж мовамі, нават калі яны маюць розныя сістэмы пісьма. Універсальныя навыкі пісьменнасці дастасавальныя незалежна ад мовы ці сістэмы пісьма, і дзяцей трэба актыўна заахвочваць да іх перадачы. Гэтыя навыкі ўключаюць у сябе:

    • Веданне друку (увага да сусветнага друку)
    • Цікавасць да друку (цікавасць і задавальненне ад чытання кніг)
    • Знаёмства з алфавітам (веданне таго, што знакі абазначаюць гукі і словы)
    • Метакагнітыўныя навыкі (абагульненне або прагназаванне)

    Іншыя навыкі чытання залежаць ад канкрэтнай мовы; ім неабходна навучаць спецыяльна. Дапамагаючы дзецям заўважаць, што агульнага і што адрозніваецца ў сістэмах пісьма, гэтым вы паспрыяце іх навучанню. Гэтыя навыкі моўнай пісьменнасці ўключаюць у сябе:

    • Накіраванасць друку
    • Граматыка і арфаграфія
    • Культура
    • Структура апавядання і рыторыка

    Заключэнне 

    Хоць кожнае дзіця індывідуальнае і кожная сям’я ўнікальная, існуе шмат важных канцэпцый, якія могуць дапамагчы нам падтрымаць дзяцей любога ўзросту ў вывучэнні новай мовы. Разуменне і асэнсаванне абласцей выкарыстання мовы, актыўная падтрымка развіцця метакагнітыўных навыкаў, садзейнічанне перадачы навыкаў паміж мовамі і абласцямі, а таксама ўлік кагнітыўнай нагрузкі дапамогуць бацькам і настаўнікам у навучанні гнуткіх і творчых людзей, якія валодаюць некалькімі мовамі.

    Раім пачытаць:

    A parents’ guide to cognitive load theory

    BICS vs. CALP: Understanding the Difference

    Translanguaging as a way of enhancing learning 

    Mapping the Literacy of Bilingual Children

  • Business Book Club: абмяркоўваем «Losing My Virginity» Рычарда Брэнсана

    Business Book Club: абмяркоўваем «Losing My Virginity» Рычарда Брэнсана

    Новая сустрэча Business Book Club Амерыканскага цэнтра пройдзе 4 ліпеня і будзе прысвечана кнізе «Losing My Virginity» Рычарда Брэнсана, далучайцеся да абмеркавання!

    «Losing My Virginity» – аўтабіяграфія прадпрымальніка і заснавальніка карпарацыі Virgin Group Рычарда Брэнсана, выхадца з небагатай сям’і, які ў выніку стаў адным з самых паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Вялікабрытаніі і ўсяго свету.

    Гэтая кніга пра прадпрымальніцкі дух, увасоблены ў чалавеку. Займальна, максімальна адкрыта і з мяккім гумарам Брэнсан распавядае пра самыя значныя падзеі ў сваім жыцці – правалы і перамогі, засмучэнні і дасягненні.

    Вядучы кніжнага клуба Ягор Расаў падзеліцца ключавымі момантамі кнігі і абмяркуе з удзельнікамі сустрэчы, як прынцыпы поспеху Брэнсана могуць быць прымененыя ў нашым уласным жыцці і кар’еры.

    Рэгіструйцеся па спасылцы.

  • Гульні як інструмент у выкладанні англійскай мовы

    Гульні як інструмент у выкладанні англійскай мовы

    На мінулым тыдні мы расказвалі вам пра новы выпуск часопіса English Teaching Forum 2024, ён быў прысвечаны гульням і таму, як яны дапамагаюць у выкладанні англійскай. Прапануем крыху паглыбіцца ў тэму і параім яшчэ некалькі рэсурсаў для асваення гэтай методыкі.

    Activate: Games for Learning American English

    Гэта калекцыя гульняў для заняткаў англійскай у класах. Гульні ў Activate дазваляюць папрактыкавацца ў папаўненні слоўнікавага запасу, граматыцы, навыках узаемадзеяння ў асяроддзі, арыентаваным на навучэнцаў і не выклікае стрэсу. Гульні даюць магчымасць паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы і думаць творча.

    Тэкставыя і відэарэсурсы Activate вы знойдзеце па спасылцы.

    Вебінар «Activate: Games for Learning American English»

    Вебінар дазваляе настаўнікам больш падрабязна разабрацца з рэсурсам Activate. Ён знаёміць з метадамі кіравання класам пры правядзенні гульняў і дэманструе, як настаўнікі могуць ствараць свае ўласныя гульні, якія адпавядаюць мэтам іх вучэбнай праграмы.

    Першая частка вебінара і другая частка.

    Board Games

    Настольныя гульні з’яўляюцца часткай калекцыі «Activate: Games for Learning American English». У кожнай гульні ёсць шлях, па якім павінны ісці гульцы, і англійскія фразы, якія яны павінны прамаўляць услых. Кожная з гэтых гульняў мае сваю тэму, якая патрабуе ад навучэнцаў выкарыстання пэўных тыпаў выразаў. Гэта дае магчымасць вучням па-рознаму практыкаваць лексіку і граматыку ў інтэрактыўнай форме.

    Рэсурсы па гэтай тэме вы знойдзеце тут.

  • Як з’явілася вядомая мадэль кед Converse Chuck Taylor All Star

    Як з’явілася вядомая мадэль кед Converse Chuck Taylor All Star

    24 чэрвеня 1901 нарадзіўся амерыканскі баскетбаліст Чак Тэйлар, які праславіў аднайменную мадэль кед Converse. Converse Chuck Taylor All Star стала самым папулярным і прадаваным баскетбольным абуткам у гісторыі.

    Кампанію Converse заснаваў у 1908 годзе Маркус Мілс Конверс і спачатку яна вырабляла разнастайныя тавары з гумы – галёшы, боты, і нават аўтамабільныя шыны. У 1915 годзе кампанія пачала вырабляць спартовы абутак, а ў 1917 – спецыялізаваную серыю кед для баскетбалістаў – Converse All Star.

    Converse не выпадкова звярнулі ўвагу на баскетбол. Вынайдзены адносна нядаўна (у 1891-м годзе) у Спрынгфілдзе, менш чым у 100 мілях ад штаб-кватэры Converse, новы від спорту хутка набыў вялікую папулярнасць на Усходнім узбярэжжы. У адрозненне ад амерыканскага футбола і бейсбола, якія патрабавалі вялікіх адкрытых гульнявых пляцовак, у баскетбол можна было гуляць у невялікай зале ці на пляцоўцы. У родным горадзе Converse было шмат навучальных устаноў і вялікая шчыльнасць насельніцтва, таму баскетбол хутка распаўсюдзіўся сярод моладзі. Чак Тэйлар быў у іх ліку.

    У 1917 годзе, калі выйшлі Converse All Star, Чак Тэйлар гуляў у баскетбольнай школьнай камандзе Columbus Bull Dogs. Праз два гады, ужо будучы гульцом прафесійнага клуба Akron Firestone Non-Skids, Тэйлар выходзіў на пляцоўку выключна ў конверсах. Гэтыя кеды сталі яго любімым абуткам і ў паўсядзённым жыцці.

    Мадэль All Star не была першым баскетбольным абуткам, але яна выгадна вылучалася сярод канкурэнтаў шэрагам асаблівасцяў. Парусінавы верх сумяшчаўся з гумовай падэшвай, а спецыяльная ўстаўка на пятцы, размешчаная на ўнутраным боку, прадугледжвала абарону шчыкалатак ад празмерных нагрузак і патэнцыйных пераломаў.

    Тую ж ролю гуляла і знакамітая пасля нашыўка з зоркай, скураная накладка павінна была абараняць шчыкалатку, калі ногі гульца ў палёце сутыкаліся. Яшчэ адна інавацыя Converse – ромбападобны малюнак пратэктара, які не слізгаў і дазваляў спартсмену быць больш манеўраным.

    У 1921 годзе Чак Тэйлар далучыўся да Converse спачатку ў якасці прадаўца, а затым і трэнера. На золку развіцця баскетбола многія брэнды стваралі свае ўласныя каманды і адпраўлялі іх у туры па краіне для папулярызацыі тавараў. Каманда Converse называлася All Stars (у гонар новай мадэлі кед) і ўзначаліў яе Чак Тэйлар.

    Каманда прыязджала ў новы горад і гуляла супраць мясцовага клуба ці каледжа. Пасля гульні Тэйлар праводзіў бясплатныя майстар-класы для мясцовых баскетбалістаў і трэнераў, даваў рэкамендацыі па спартыўных тэхніках і абутку, у якім лепш гуляць. Пасля такіх майстар-класаў з кліентамі шанец на камерцыйны поспех быў значна вышэйшы. Дзякуючы ўплыву Тэйлара да 1930-х гадоў All Star насілі баскетбалісты па ўсёй Амерыцы. У 1932 году кеды перайменавалі ў Chuck Taylor All-Stars, дадаўшы імя Чака на лагатып.

    Падчас Другой сусветнай вайны Чак служыў у войску ЗША, але быў на той момант ужо немалады, таму не ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Тэйлар трэніраваў баскетбольную каманду Wright Field Air-Tecs на базе ВПС ЗША, а таксама распрацоўваў праграмы фізічнай падрыхтоўкі для навабранцаў. All Star стала «афіцыйным» баскетбольным абуткам узброеных сіл ЗША, вайскоўцы трэніраваліся менавіта ў ім.

    Да сярэдзіны 50-х гадоў Chuck Taylor All-Star становяцца баскетбольнымі кедамі №1 у ЗША. Чак Тэйлар, як твар брэнда, аб’ездзіў усе Злучаныя Штаты з гэтай мадэллю і набыў тытул «амбасадара баскетбола». У 1968 году Чак патрапіў у Залу баскетбольнай славы, праз год вялікі папулярызатар баскетбола пайшоў з жыцця.

    Паступова Converse All-Star як спартовы абутак пачалі прайграваць канкурэнтам з больш тэхналагічнымі мадэлямі і саступаць іншым вытворцам на рынку. Хоць All Star і перасталі быць галоўным баскетбольным абуткам, мадэль «выйшла на вуліцу» і набыла вялікую папулярнасць як сімвал поп-культуры.

  • Вядучы Business Book Club Ягор Расаў дзеліцца сакрэтамі паспяховага кніжнага клуба

    Вядучы Business Book Club Ягор Расаў дзеліцца сакрэтамі паспяховага кніжнага клуба

    Ужо паўгода Амерыканскі цэнтр праводзіць сустрэчы кніжнага клуба. Удзельнікі абмяркоўваюць не мастацкую літаратуру, але кнігі па лідэрстве, стратэгіі ды развіццю бізнесу. Натхняльнік і вядучы Business Book Club, саўладальнік e-commerce агенцтва World e-Com Ягор Расаў распавёў нам пра тое, як прыйшоў да чытання праз дыслексію, за што ён любіць амерыканскую бізнес-літаратуру, як пачаў весці кніжны клуб і даў некалькі парадаў тым, хто хоча стварыць свой.

    Пра сябе, адукацыю ды працу

    Мая сям’я родам з невялікага горада Багушэўск у Беларусі. У раннім узросце я выйграў стыпендыяльную праграму і пераехаў вучыцца ў Вялікабрытанію, дзе скончыў Універсітэт Лафбара па кірунку «Розніца, Маркетынг і Мэнэджмент» (адзін з лепшых універсітэтаў па версіі The Guardian) з адзнакай. Калі я вучыўся на бакалаўрыяце Лафбара, я ездзіў у ЗША па праграме акадэмічнай мабільнасці.

    Я заснаваў і з’яўляюся саўладальнікам e-commerce агенцтва World e-Com, а таксама шэрагу іншых бізнесаў. Прадпрымальніцтвам, як асноўнай дзейнасцю, я займаюся з 2020 года. Да гэтага я працаваў дырэктарам па развіццю ў фінскай fashion-кампаніі, а таксама ў міжнародных кампаніях IBM і PwC. Дзякуючы магчымасцям дыстанцыйнай працы мне ўдалося пажыць у некалькіх краінах, а зараз я жыву ў Іспаніі.

    Пра ЗША і працу з амерыканцамі

    Апроч акадэмічнай мабільнасці падчас навучання ва ўніверсітэце, я шмат разоў бываў і нават жыў у ЗША – ездзіў з футбольнай камандай на тур па Новай Англіі, бегаў Нью-Ёрскі марафон, а яшчэ ездзіў на праграму Work and Travel USA. Кожны мой візіт у ЗША быў асаблівым.

    Па працы ў мяне шмат амерыканскіх партнёраў і кліентаў, без іх мне было б складана ўявіць свой бізнэс і сваю кар’еру. Амерыканскі Цэнтр дае мне платформу для зносін з разумнымі людзьмі на цікавыя тэмы, мне вельмі сімпатычныя ўсе ўдзельнікі кніжнага клуба. Больш за тое, я бачу ў супрацоўніцтве з Амерыканскім цэнтрам магчымасць дапамагчы беларускаму кам’юніці энтузіястаў і прадпрымальнікаў, якія ўдасканальваюцца самастойна, і зрабіць унёсак у яго развіццё праз вывучэнне бізнес-літаратуры.

    Пра чытанне і дыслексію

    Канешне, чытаць важна. Ты пражываеш чужое жыццё, занураешся ў чужыя думкі, развіваеш у сабе абсалютна новыя кірункі мыслення. Але што да сталага чытання… Распавяду пра сябе сакрэт: я дыслексік*, таму я заўсёды ненавідзеў чытаць! Я заўсёды прымушаў сябе рабіць гэта праз сілу. Мне даводзілася чытаць адну і тую ж старонку па некалькі разоў. Потым я даведаўся пра спецыяльныя кнігі для дыслексікаў і маё жыццё змянілася да лепшага. Гэта спецыяльныя кнігі з няроўнымі літарамі і вялікім шрыфтам.

    *Дыслексія – гэта асаблівасць успрымання інфармацыі, пры якой назіраецца выбарачнае парушэнне здольнасці да авалодання рознымі навыкамі (напрыклад, чытання і пісьма). Прасцей кажучы, у людзей з дыслексіяй узнікаюць цяжкасці ў «расшыфроўцы» слоў.

    Пра тое, як чытаць больш

    Я такі ж смяротны і разумею, што вакол шмат усяго, што адцягвае нашу ўвагу. Спраў заўсёды шмат, спакус яшчэ больш. Трэба сябе завабліваць, гэта як са спортам. У мяне на тэлефоне стаіць абмежаванне па сацыяльных сетках – 15 хвілін у дзень на ўсё пра ўсё. Яшчэ максімум 15 хвілін чытаю навіны на Bloomberg Business. А ў астатні вольны ад працы і хатніх спраў час я стараюся чытаць кнігі.

    Пра стварэнне кніжнага клуба

    Пасля заканчэння вучобы і падчас працы ў IBM, PwC, Mecaux і іншых фірмах я часта пазбягаў чытання, асабліва нон-фікшн літаратуры. Кніжкі для дыслексікаў цяжка знайсці, а часу ніколі няма. Але я ўсё ж вырашыў прымусіць сябе нарэшце чытаць штодзень. Каб не было магчымасці «саскочыць», я ўзяў на сябе адказнасць перад іншымі людзьмі. Так з’явілася ідэя зрабіць кніжны клуб, да сустрэч якога трэба рыхтавацца, чытаць матэрыял і аналізаваць яго. Гэта дапамагае запамінаць кнігі.

    Пра кніжны клуб, прысвечаны бізнес-літаратуры

    Я абраў гэтую сферу, таму што яна мне найбольш цікавая, а яшчэ таму, што яна дапамагае развівацца. Мне падаецца ўсе бізнес-кнігі можна падзяліць на дзве катэгорыі: больш практычныя і больш тэарэтычныя.

    Практычныя дапамагаюць нам вучыцца на чужым досведзе, на чужых памылках, фармаваць нагляднасць неабходную ва ўсіх сферах дзейнасці. Сярод практычных хацеў бы адзначыць «Ілан Маск. Біяграфія» ад Уолтара Айзэксана і «Прадавец абутку» Філа Найта.

    А тэарэтычныя фармуюць новы спосаб мыслення, новыя тэорыі, структуруюць досвед у галаве. Сярод тэарэтычных я б адзначыў «Сем навыкаў высокаэфектыўных людзей» ад Стывена Кові і «Рызыкуючы ўласнай скурай» ад Насім Талеба.

    Пра практычную карысць бізнес-літаратуры

    Я прачытаў шмат кніг і ўпэўнены, што яны мне вельмі дапамаглі. Як мінімум я стаў думаць шырэй, у мяне з’явіліся новыя арыенціры. Больш за тое, многія рэчы з кніг я ўжыў у сваёй кар’еры і ў бізнесе, асабліва тыя, што звязаныя з продажамі і менеджментам персаналу.

    Колькі б вы ні чыталі, трэба заўсёды памятаць, што азнаямлення недастаткова, трэба прымушаць сябе прымяняць ідэі з кніг у жыцці. Гэта, зноў жа, як з заняткам спортам – за адзін падыход не схуднееш, трэба пастаянна трэніравацца. Таксама неабходна трэніраваць мышцу мозгу, менавіта праз імплементацыі ідэй з кніг.

    Пра амерыканскую бізнес-літаратуру

    Я заўсёды стараюся чытаць у арыгінале, калі гэта магчыма. Амерыканская бізнес-літаратура мне заўсёды падабалася больш за астатнія. Амерыка мяне ў сябе закахала тым, што ў гутарках, як і ў літаратуры пра бізнес, няма ніякай сарамлівасці, усё вельмі адкрыта. У кнігах шмат практычнага досведу, людзі з бізнесу кажуць пра свае пачуцці, трывогі, сумневы, таму пражываеш досведы бізнесмэнаў з Амерыкі паўнавартасна.

    Пра Business Book Club Амерыканскага цэнтра

    Водгукі ад удзельнікаў клуба мне вельмі прыемныя. Многія прыходзяць і актыўна ўдзельнічаюць кожны тыдзень, вядуць цікавыя дыскусіі і адкрываюць для мяне новыя погляды на тыя кнігі, якія я ўжо, здавалася б, абдумаў поўнасцю. Кніжкі чытаюць не ўсе, але гэта неабавязкова, бо асноўныя ідэі кнігі я расказваю ў прамежках паміж абмеркаваннямі ў breakout rooms. Таму прыходзьце нават калі не паспееце прачытаць кнігу да абмеркавання!

    Вось якія кнігі мы ўжо паспелі абмеркаваць: «7 звычак высокаэфектыўных людзей» Стывена Кові, «Радыкальная шчырасць. Як кіраваць не губляючы чалавечнасці» Кіма Скота, «Ніякіх кампрамісаў. Вядзі перамовы так, нібы ад іх залежыць тваё жыццё» Крыстафера Восса і Тал Раз, «Прадавец абутку. Гісторыя кампаніі Nike, расказаная яе заснавальнікам» Найта Філа, «Не бойся дзейнічаць. Жанчына, праца і воля да лідэрства» Шэрыл Сэндберг, «Багаты тата – бедны тата» Роберта Кіёсакі і Шэран Лехтэр, «Стратэгія блакітнага акіяна» Рэнэ Маборгне і В. Чан Кіма, «Як заваёўваць сяброў і аказваць уплыў на людзей» Дэйла Карнэгі ды «Becoming. Мая гісторыя» Мішэль Абамы.

    А вось якія кнігі мы будзем абмяркоўваць на наступных сустрэчах:

    1. «Ніякіх правілаў. Унікальная культура Netflix» Хастынгс Рыд, Мэер Эрын;

    2. «Губляючы нявіннасць: Як я пабудаваў бізнес, робячы ўсё па-свойму і атрымліваючы задавальненне ад жыцця» Рычарда Брэнсана;

    3. «Чорны лебедзь» Насіма Нікаласа Талеба;

    4. «Уліце ў яе сваё сэрца. Як кубак за кубкам будаваўся Starbucks» Говарда Шульца і Доры Джонс Йенг;

    5. «Псіхалогія ўплыву» Роберта Чалдзіні.

    Далучайцеся! Зарэгістравацца можна па спасылцы.

    Парады тым, хто хоча стварыць свой кніжны клуб

    1. Не варта брацца за кніжны клуб, калі вы не гатовыя чытаць процьму кніг і рабіць дэталёвыя нататкі па іх. Чытаць кароткі змест будзе недастаткова, удзельнікі вас хутка раскусяць і нічога не атрымаецца. На чытанне і нататкі сыходзіць багата часу. Трэба быць да гэтага гатовым!

    2. Кніжны клуб, як і ва ўсё, у што вы ўкладаецеся, трэба любіць. Кожны раз рыхтаваць матэрыял і прэзентацыі, на гэта ідзе шмат часу. Калі гэта не любіць, то нічога не атрымаецца.

    3. Апроч чытання трэба яшчэ паспяхова весці сустрэчы. Каб усё ішло добра, трэба абавязкова даваць магчымасць удзельнікам узаемадзейнічаць і абмяркоўваць ідэі з кніг.

    4. Эйнштэйну прыпісваюць словы: «Калі вы нешта не можаце растлумачыць 6-гадоваму дзіцяці, вы самі гэтага не разумееце». Не ведаю, ці казаў ён гэтыя словы, але гэта праўда. Трэба вельмі дэталёва разумець ідэі кніг, каб якасна іх пераказваць простымі словамі. Каб удзельнікі сустрэчы, якія не прачыталі кнігу, маглі за кароткі час зразумець яе сутнасць і ўдзельнічаць у абмеркаванні.

    5. Удзел у кніжных клубах дазваляе людзям даведвацца розныя меркаванні аб кнігах. Параўнанне урокаў з кніг з асабістым досведам у бізнесе і кар’еры гуляе важную ролю для іх. Таму вельмі важна спасылацца на свой уласны досвед у абмеркаваннях.

  • Актуальныя адукацыйныя магчымасці для выкладчыкаў англійскай мовы

    Актуальныя адукацыйныя магчымасці для выкладчыкаў англійскай мовы

    Праграма OPEN прапануе бясплатныя анлайн-курсы англійскай мовы працягласцю ад 5 да 12 тыдняў. Для самастойнага праходжання зараз адкрыты рэгістрацыі на 2 курсы:

    Developing and Teaching Academic Writing Courses

    Курс «Распрацоўка і выкладанне акадэмічнага пісьма» прызначаны для таго, каб дапамагчы слухачам лепш зразумець розныя падыходы, тыпы і ключавыя кампаненты курсаў акадэмічнага пісьма. У рамках гэтага курса ўдзельнікі распрацуюць кантэкстуалізаваныя навучальныя матэрыялы для курсаў акадэмічнага пісьма ў класе англійскай як замежнай.

    Рэгістрацыя заканчваецца 24 чэрвеня 2024 года.

    Зарэгістравацца можна па спасылцы: https://nomination.openenglishprograms.org/ParticipantProfile/WelcomeSurvey/2f4cb3ce5b3a4f36076908dc559be75c 

    TESOL Methods

    Курс накіраваны на выкладчыкаў і дае сучасныя методыкі навучання англійскай вучняў розных узростаў і кантэкстаў. Вы будзеце вывучаць лепшыя практыкі навучання аўдзіраванню, маўленню, чытанню і пісьму, уключаючы граматыку і слоўнікавы запас, і даведаецеся, як стварыць эфектыўнае камунікатыўнае моўнае асяроддзе для ўсіх навучэнцаў.

    Рэгістрацыя заканчваецца 12 жніўня 2024 года.

    Зарэгістравацца можна па спасылцы: https://nomination.openenglishprograms.org/ParticipantProfile/WelcomeSurvey/2209e84120904df2deb908dc872fe328 

    Часопіс English Teaching Forum 2024, Volume 62, Number 1

    Новы выпуск часопіса прысвечаны гульням і таму, як яны дапамагаюць у выкладанні англійскай. У выпуску вы знойдзеце артыкулы пра тое, як гульня «пытанне-адказ» паляпшае навыкі чытання, скіл пастаноўкі пытанняў і аналізу; крэатыўныя ідэі па выкарыстанні сацсеткі X для пераказу падзей; прапановы па ператварэнні сцен у класе ў гульнявыя дошкі; гайд па арганізацыі навучання, заснаваны на Сямі цудах свету і многае іншае.

    Азнаёміцца ​​з выпускам можна па спасылцы: https://americanenglish.state.gov/resources/english-teaching-forum-2024-volume-62-number-1  

  • Запрашаем на сустрэчу са студэнткай каледжа Ліхайскага ўніверсітэта Алексай Круз

    Запрашаем на сустрэчу са студэнткай каледжа Ліхайскага ўніверсітэта Алексай Круз

    А вы ведаеце, чым адрозніваецца амерыканскі каледж ад універсітэта? Прыходзьце на анлайн-сустрэчу EducationUSA Belarus са студэнткай каледжа Ліхайскага ўніверсітэта Алексай Круз каб даведацца больш!

    Каледжы ў ЗША – гэта шырокі спектр навучальных устаноў, але аб’ядноўвае іх той факт, што яны накіраваны толькі на навучанне прафесіі, без даследчай або навуковай дзейнасці. Ва ўніверсітэтах жа не толькі выкладаюць праграмы бакалаўрыяту, магістратуры і аспірантуры, але і праводзяць даследчую або навуковую працу.

    Алекса Круз вывучае псіхалогію і мастацтва ў каледжы Ліхайскага ўніверсітэта, а цяпер знаходзіцца ў Вільні ў якасці стажоркі American Councils. На сустрэчы Алекса распавядзе пра працэс паступлення ў амерыканскі каледж – ад тэрмінаў і фармату падачы заяўкі да падрыхтоўкі рэкамендацыйных лістоў.

    Сустрэча пройдзе 27 чэрвеня а 17:00 паводле мінскага часу.

    Зарэгістравацца

  • Курс «CIVIL RIGHTS IN AMERICA» ад намінанта Пулітцэраўскай прэміі даступны для асінхроннага праходжання

    Курс «CIVIL RIGHTS IN AMERICA» ад намінанта Пулітцэраўскай прэміі даступны для асінхроннага праходжання

    Ці задумваліся вы над тым, адкуль бяруцца грамадзянскія рухі? Чаму адны з іх з’яўляюцца і знікаюць, а іншыя – змяняюць гісторыю цэлых народаў? Каб пагрузіцца ў гэтую гістарычную вобласць, запрашаем вас прайсці курс аб грамадзянскіх правах у ЗША, які падрыхтаваў для аўдыторыі Амерыканскага цэнтра прафесар універсітэта Паўночнай Караліны і намінант Пулітцэраўскай прэміі Дэвід Голдфілд!

    На курсе вы даведаецеся, як адмянілі рабства, як змагаліся за свае правы жанчыны і мігранты, як пераадольвалі расавую сегрэгацыю, што важнага здарылася падчас прэзідэнцтва Абамы і чаму Black live matters ускалыхнуў ЗША.

    Курс складаецца з 7 відэа-лекцый прафесара Голдфілда, а таксама вялікіх і падрабязных спісаў дадатковых матэрыялаў са спасылкамі (кнігі, артыкулы, відэа), якія дапамогуць вам глыбей пагрузіцца ў тэму занятку.

    Доступ да курса вы знойдзеце па спасылцы. Поспехаў!

  • «Becoming»

    «Becoming»

    На чарговай сустрэчы Business Book Club з Ягорам Расавым абмяркуем кнігу Мішэль Абамы «Becoming» («Станаўленне»).

    «Справа не ў тым, каб быць дасканалымі. І не ў тым, дзе вы апынецеся ў рэшце рэшт. Проста ёсць асаблівая моц у тым, каб заявіць пра сябе, расказаць сваю ўнікальную гісторыю, падзяліцца ўласным бачаннем. А ў жаданні пазнаваць і чуць іншых ёсць асаблівая высакароднасць. Вось так, па-мойму, мы і становімся людзьмі».

    «Becoming» – вельмі шчырае і глыбока асабістае апавяданне былой першай лэдзі ЗША, якое апісвае яе шлях ад юнацтва ў Чыкага да жыцця ў Белым доме. Кніга напоўнена ўрокамі сілы, надзеі і станаўлення ўласнай асобы.

    Ягор Расаў разам з удзельнікамі клуба абмяркуюць галоўныя канцэпты кнігі, падзеляцца ўражаннямі і абмяркуюць, як прынцыпы і гісторыі са «Станаўлення» могуць натхніць і падтрымаць кожнага з нас на ўласным шляху. 

    Не саромейцеся далучацца нават калі вы не чыталі ці не паспяваеце прачытаць кнігу, сустрэчы праходзяць у інтэрактыўнай форме і вы зможаце папрактыкавацца ў англійскай, абмяркоўваючы карысную і добрую літаратуру.