Улетку пісьменніца і прафесарка-даследчыца з Абернскага ўніверсітэта ў Мантгомеры Лі А. Фэроў правяла для аўдыторыі Амерыканскага цэнтра цыкл прэзентацый найбольш вядомых Нацыянальных паркаў ЗША. Калі вы прапусцілі сустрэчы ці хацелі б перагледзець – пераходзіце па спасылках на наш YouTube!
Yosemite, Death Valley і Sequoia
Ёсеміці славіцца сваімі ландшафтамі і прыродай: уражлівыя гранітныя скалы, вадаспады, рэкі з чыстай вадой, гаі секвоядэндронаў і багатая біялагічная разнастайнасць (амаль 95 % парка лічыцца зонай дзікай прыроды). А Секвоя, як лёгка здагадацца па назве парка, вядомая сваімі гіганцкімі секвоямі, уключаючы асобнік пад назвай Генерал Шэрман – самае вялікае (па аб’ёме драўніны) дрэва на Зямлі.
Елаўстан – першы ў свеце нацыянальны парк (заснаваны 1 сакавіка 1872 года), знакаміты шматлікімі гейзерамі і іншымі геатэрмічнымі аб’ектамі, багатай жывой прыродай і маляўнічымі ландшафтамі. Гранд-Каньён таксама з’яўляецца адным з найстарэйшых нацыянальных паркаў ЗША, на яго тэрыторыі размешчаны Вялікі каньён ракі Каларада, адно з прызнаных прыродных цудаў свету.
Заён уключае дзевяць геалагічных фармацый, у якіх прадстаўлены адклады 150 мільёнаў гадоў! Брайс-Каньён – гэта гіганцкі прыродны амфітэатр уздоўж усходняга боку плато Паўнтсаўгант, створаны эрозіяй. А ў парку Арчэс знаходзіцца больш за 2000 прыродных арак, утвораных з пяшчаніку, у тым ліку вядомая «Вытанчаная арка».
Mammoth Cave, Great Smoky mountains, Everglades
У нацыянальным парку «Мамантава пячора» знаходзіцца частка аднайменнай самай доўгай пячорнай сістэмы ў свеце. Праз тэрыторыю парку «Вялікія Дымчатыя горы» праходзіць так званая Апалацкая сцежка – самы доўгі бесперапынны пешаходны маршрут у свеце і адзін з найбольш вядомых у ЗША. А большая частка Эверглейдса (86%) – «тэрыторыя дзікай прыроды», што дазваляе турыстам на блізкай адлегласці ўбачыць вялікую колькасць прадстаўнікоў разнастайнай флоры і фауны парку – вялікіх блакітных чапель, амерыканскіх змеяшэек і вушастых бакланаў, а таксама амерыканскіх алігатараў.