Вясной 2024 года Амерыканскі цэнтр арганізаваў курс англійскай мовы для людзей творчых прафесій – мастакоў, фатографаў, артыстаў, пісьменнікаў і іншых прафесіяналаў з крэатыўных індустрый.
Курс вяла выкладчыца Вэндзі Сцюард. Яна нарадзілася ў Флорыдзе, але большую частку свайго жыцця правяла за мяжой, працуючы ў сферы міжнароднай адукацыі.
Маючы больш за дзесяць гадоў прафесійнага досведу за плячыма, яна з поспехам навучала студэнтаў у розных навучальных установах па ўсім свеце.
Вэндзі дапамагала ўдзельнікам курса авалодаць прафесійнай лексікай, вучыцца пісаць артыстычныя біяграфіі і матывацыйны лісты; ствараць кантэнт для сваіх сацсетак і сайтаў на англійскай мове; распрацоўваць грантавыя заяўкі і асвойваць дзелавую камунікацыю ў свеце мастацтва.
Мы папрасілі фатографа Яўгена Aтцецкага, аднаго з удзельнікаў, падзяліцца ўражаннямі ад праходжання курса. Вось што ён напісаў:
Цяпер, калі многія беларускія аўтары знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, як ніколі важная камунікацыя на англійскай мове. Англійская сёння – гэта новыя сувязі і дзелавыя перамовы, гэта магчымасці і новыя праекты. Праграма мінімум для сучаснага мастака: біяграфія, CV, партфоліа. Вельмі карыснымі з’яўляюцца навыкі дзелавой перапіскі і запаўнення заявак.
Менавіта гэтым мы і займаліся на курсе і падчас дамашніх заданняў. Апошнія былі вельмі карыснымі. Спачатку ты звяртаешся да сябе, а пасля афармляеш яшчэ ўсё гэта на англійскай. Складана, патрабуе часу, але якое прыносіць задавальненне і вынік.
На самім курсе няма ні слова па-руску ці па-беларуску. Вельмі важна пагрузіцца ў асяроддзе. Калі ты паўтары гадзіны слухаеш англійскую мову, яе рытм, гучанне становяцца звыклымі, а словы і фразы больш зразумелымі.
Кожны з нас меў магчымасць выказвацца, рэагаваць на зададзеныя выкладчыцай тэмы. А гэта значыць мець вельмі важную практыку гаварэння.
Асобны дзякуй хочацца сказаць Вэндзі за зваротную сувязь і дасведчаную арганізацыю заняткаў, а Амерыканскаму цэнтру ў Мінску – за магчымасць навучацца англійскай ў асяроддзі аднадумцаў пад кіраўніцтвам выдатнай выкладчыцы